|
12/05/2007 22:19
Дзмітрый Калдун выканаў сваю кампазіцыю ў фінале міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007" у Хельсінкі
Мінск, 12 мая. Фінал міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007" праходзіць вечарам 12 мая ў Хельсінкі (Фінляндыя).
21-гадовы прадстаўнік Беларусі Дзмітрый Калдун выступіў трэцім з песняй "Work Your Magic" на вершы Карэна Кавалерана і музыку Філіпа Кіркорава. Як і ў паўфінале, выкананне адбылося без тэхнічных зрываў.
Перад Д.Калдуном, згодна з лёсаваннем, на сцэну выйшлі артысты з Босніі і Герцагавіны і Іспаніі. Пасля беларуса выступаюць прадстаўнікі Ірландыі, Фінляндыі, Македоніі, Славеніі, Венгрыі, Літвы, Грэцыі, Грузіі, Швецыі, Францыі, Латвіі, Расіі, Германіі, Сербіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Румыніі, Балгарыі, Турцыі, Арменіі і Малдовы.
Усяго ў фінале спаборнічаюць 24 краіны. 14 з іх адразу трапілі ў фінал, 10 - пасля паўфіналу 10 мая. У чацвер выступілі выканаўцы з 28 дзяржаў. Д.Калдун выйшаў чацвёртым і паводле вынікаў галасавання гледачоў заняў месца ў дзесятцы мацнейшых. Канкрэтнае месца беларуса ў паўфінале стане вядома пасля фіналу.
Акрамя Д.Калдуна ў фінал прабіліся Балгарыя, Грузія, Малдова, Сербія, Македонія, Венгрыя, Славенія, Турцыя і Латвія. За бортам фіналу засталіся Ізраіль, Кіпр, Ісландыя, Чарнагорыя, Швейцарыя, Нідэрланды, Албанія, Данія, Харватыя, Польшча, Чэхія, Партугалія, Нарвегія, Мальта, Андора, Эстонія, Бельгія і Аўстрыя.
Дзмітрый УЛАСАЎ, БелаПАН.
|