13/05/2007 06:35
Дзмітрый Калдун заняў шостае месца ў фінале "Еўрабачання-2007"; перамогу атрымала Марыя Шарыфавіч з Сербіі
Мінск, 13 мая. Беларускі выканаўца Дзмітрый Калдун са 145 ачкамі заняў шостае месца сярод 24 удзельнікаў паводле вынікаў галасавання гледачоў у фінале міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007" у Хельсінкі (Фінляндыя).
Перамогу атрымала Марыя Шарыфавіч з Сербіі (268 балаў). Другое месца ў Веркі Сярдзючкі (Андрэя Данілкі) з Украіны (235), трэцяе - у расійскага трыо "Серабро" (207).
Найбольшую колькасць ачкоў - па 12 - Д.Калдун атрымаў ад тэлегледачоў Ізраіля, Украіны і Расіі, якія паставілі яго на першае месца.
З улікам паўфіналу ў конкурсе ўдзельнічалі 42 краіны. Беларусь выйшла ў фінал упершыню за час удзелу ў "Еўрабачанні" (з 2004 года).
Дзмітрый УЛАСАЎ, БелаПАН.
|