|
13/05/2007 07:40
У паўфінале "Еўрабачання-2007" беларускія гледачы паставілі на першае месца Малдову, у фінале - Расію
Мінск, 13 мая. У паўфінальным туры міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007" 10 мая беларускія гледачы паставілі на першае месца Малдову, якая атрымала ад іх 12 балаў. Пра гэта сведчаць звесткі аб галасаванні, размешчаныя на сайце "Еўрабачання" пасля заканчэння фіналу.
Другое месца ў Беларусі заняла Сербія (10 балаў), трэцяе - Грузія (8), чацвёртае - Партугалія (7), пятае - Славенія (6), шостае - Польшча (5), сёмае - Андора (4), восьмае - Ісландыя (3), дзевятае - Латвія (2), дзесятае - Венгрыя (1). Партугалія, Польшча, Андора і Ісландыя ў фінал не прайшлі. У той жа час Турцыя, Балгарыя і Македонія, якія занялі месцы ў дзесятцы найлепшых і трапілі ў фінал, ад Беларусі не атрымалі ніводнага ачка.
У суботнім фінале на першае месца беларускія гледачы паставілі Расію, на другое - Украіну, якія былі вызвалены ад паўфіналу. Далей ідуць Малдова, Сербія, Грузія, Арменія, Славенія, Грэцыя, Літва і Фінляндыя. Сербія стала пераможцай конкурсу, Украіна была другой, Расія - трэцяй. Турцыя і Балгарыя, якія занялі чацвёртае і пятае месцы, ад Беларусі (6-е месца) ачкоў ізноў не атрымалі.
Дзмітрый УЛАСАЎ, БелаПАН.
|