|
13/05/2007 07:54
Дзмітрый Калдун мог прэтэндаваць на другое-трэцяе месца, лічыць кіраўнік беларускай дэлегацыі на "Еўрабачанні"
Мінск, 13 мая. Дзмітрый Калдун, які стаў шостым у фінале "Еўрабачання-2007", мог прэтэндаваць на другое-трэцяе месца. "Пры добрым збегу абставін гэта магло б быць" - такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі на міжнародным конкурсе песні ў Хельсінкі Юрый Азаронак.
"Пакуль што мы асэнсоўваем, хаця, вядома, гэта дасягненне: упершыню Беларусь не толькі ўвайшла ў дзесятку, але і наблізілася да пяцёркі. Гэта вельмі сур'ёзная заяўка. Дзіма - малайчына, выдатна выступіў", - лічыць Ю.Азаронак. Паводле яго слоў, "трохі крыўдна за суседзяў - Літву, Латвію, Эстонію, Польшчу" (Латвія паставіла Д.Калдуна на трэцяе месца, Літва, Эстонія і Польшча - на чацвёртае. - БелаПАН.).
"Паглядзіце, як Балканы галасуюць - "кучна", можа, дзякуючы гэтаму Сербія так упэўнена выйграла, хаця песня ў яе добрая была. Значыцца, будзем больш шчыльна працаваць у наступным годзе з суседзямі: прома-туры і г.д.", - сказаў Ю.Азаронак.
Кіраўнік дэлегацыі зазначыў, што "поўнага задавальнення няма, але дадому вяртацца з такім вынікам не сорамна". "Песня ў Дзімы была вельмі моцная. Сам ён таленавіты, цудоўны чалавек. Вынік для Беларусі, я скажу, уражвальны. Натуральна, яму хацелася большага. Ён ішоў на перамогу і выступіў годна, не сарваўся, што не так проста, калі на цябе глядзяць мільёны людзей. Ніводнай памарачкі ў выкананні песні, у падтанцоўцы. Фінальная нота была вельмі высокая, і на рэпетыцыях ён яе практычна не браў - гэта можна прыадкрыць ужо цяпер. У паўфінале ён яе ўзяў, а сёння зрабіў яшчэ больш моцнай", - сказаў Ю.Азаронак. Паводле яго слоў, Д.Калдун у фінале "выдаў, скажам, не на ўсе 100%, што ён можа, але на добрыя 90% ён выдаў, гэта значыць выступіў вельмі прыстойна".
Сярод нечаканасцей кіраўнік беларускай дэлегацыі назваў галасаванне расійскіх гледачоў, якія аддалі Д.Калдуну першае месца. "Часцей за ўсё яны 12 балаў Украіне давалі", - патлумачыў Ю.Азаронак. У 2006 годзе Паліна Смолава атрымала ад Расіі шэсць балаў (пятае месца), у 2005 годзе Анжаліка Агурбаш - 10 балаў (другое месца).
Дзмітрый УЛАСАЎ, БелаПАН.
|