05/06/2007 15:37
9 чэрвеня ў Мінску пройдзе канцэрт-акцыя "Беларусь - 12 балаў" з удзелам канкурсантаў "Еўрабачання" розных гадоў
Мінск, 5 чэрвеня. 9 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі пройдзе канцэрт-акцыя "Беларусь - 12 балаў" з удзелам канкурсантаў "Еўрабачання" розных гадоў, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.
На сцэне Палаца Рэспублікі выступяць удзельнікі "Еўрабачання-2007" - Дзмітрый Калдун (Беларусь), гурт "Серабро" (Расія), Верка Сярдзючка (Украіна), Наталля Барбу (Малдова), Айка (Арменія), гурт "The 4FUN" (Літва), Караліна (Македонія).
Спецыяльныя госці канцэрта - удзельнікі "Еўрабчання" мінулых гадоў - Міхай Трайстарыу (Румынія), Вальтэрс і Кажа (Латвія), Дана Інтэрнэйшнл (Ізраіль).
Нагадаем, што на конкурсе "Еўрабачанне-2007" прадстаўнік Беларусі Дзмітрый Калдун заняў шостае месца, выканаўшы песню "Work Your Magic" на вершы Карэна Кавалярана і музыку Філіпа Кіркорава.
Трансляваць канцэрт-акцыю "Беларусь - 12 балаў!" будуць Першы тэлеканал і міжнародны спадарожнікавы канал "Беларусь-ТВ". Вядучымі дзвюхгадзіннага шоу выступяць спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавінаў Дзяніс Кур'ян і вядучая праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" Вольга Шлягер.
Канцэрт будзе таксама паказаны на святлодыёдным экране, усталяваным каля Палаца спорту. Трансляцыя пачнецца ў 21.40.
Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.
|