11/06/2007 14:26
Вызначаны фіналісты нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007"
Мінск, 11 чэрвеня. Падведзены вынікі адборачнага тура рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Прафесійнае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка выбрала дзесятку фіналістаў.
У фінале конкурсу возьмуць удзел: Юлія Азаронак (Мінск), Паліна Верас (Мінск), Раман Волазнеў (Мінск), Дзіяна Громава (Гомель), Кірыл Ермакоў (Мінск), Аляксей Жыгалковіч (Мінск), Мікіта Журовіч (г.п. Лельчыцы, Гомельская вобласць), Антон Зямлянік (Мазыр, Гомельская вобласць), Паліна Калафаці (Мінск), Серафіма Кузняцова (Віцебск).
На адборачны тур конкурсу "Песня для Еўрабачання" былі прадстаўлены 43 заяўкі. Па іх колькасці лідзіравалі Мінск і Мінская вобласць: 18 заявак. З Гомеля і Гомельскай вобласці паступіла 10 заявак, з Гродна і Гродзенскай вобласці - пяць, з Віцебска і вобласці - чатыры. Магілёў і Магілёўская вобласць прадставілі чатыры заяўкі, Брэст і Брэсцкая вобласць - дзве.
Нагадаем, паводле правілаў конкурсу, да ўдзелу дапускаліся аўтары песень, якім на момант падвядзення вынікаў рэспубліканскага конкурсу павінна быць не менш за 10 гадоў і на момант правядзення міжнароднага конкурсу - не больш за 15 гадоў. Песня павінна складацца з вершаў на рускай або беларускай мовах і музыкі, якія ніколі не былі камерцыйна рэалізаваныя, абнародаваныя або публічна выкананыя. Усяго члены журы праслухалі 47 песень, бо некаторыя канкурсанты даслалі не адну, а некалькі кампазіцый.
14 чэрвеня фіналісты сустрэнуцца з членамі журы для праслухоўвання і кансультацый. Фінал конкурсу "Песня для Еўрабачання" адбудзецца ў верасні 2007 года на Першым тэлеканале ў форме гала-канцэрта. Па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў і галасавання прафесійнага журы будзе вызначана песня-пераможца, якую прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2007". Творчыя спаборніцтвы пройдуць 8 снежня ў галандскім горадзе Хільверсум.
Арганізатарамі конкурсу "Песня для Еўрабачання" выступаюць Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія і Міністэрства культуры Беларусі.
Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.
|