|
27/08/2007 11:02
1 верасня Першы тэлеканал пакажа танцавальны конкурс "Еўрабачанне"
Мінск, 27 жніўня. 1 верасня Першы тэлеканал пакажа танцавальны конкурс "Еўрабачанне". Яе паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, трансляцыя пачнецца ў 22.00.
Канцэпцыя танцавальнага конкурсу падобная да песеннага "Еўрабачання". Сёлета ў спаборніцтве, якое пройдзе ў Лондане, возьмуць удзел прадстаўнікі 16 краін: Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Іспаніі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі, Швецыі. Танцавальная пара з кожнай краіны павінна выканаць два танцы: першы - з лацінаамерыканскай або еўрапейскай бальнай праграмы (факстрот, румба, сальса, самба, танга, вальс і інш.), другі - у вольным стылі, але пажадана, каб танец быў з нацыянальным каларытам.
Паводле ўмоў конкурсу, пару-пераможцу могуць выбіраць толькі тэлегледачы краін-удзельніц. Галасаванне пройдзе ў фармаце, аналагічным дзіцячаму конкурсу песні "Еўрабачанне": прыём тэлефанаванняў і СМС-паведамленняў пачнецца з першых хвілін шоу і завершыцца пасля паказу нарэзкі фрагментаў выступленняў усіх удзельнікаў. Паводле яго вынікаў ад кожнай краіны-ўдзельніцы ў прамым эфіры выстаўляюцца балы ад 1 да 12.
Усе ўдзельнікі танцавальнага конкурсу "Еўрабачанне" - пераможцы нацыянальных адбораў, якія праходзілі ў фармаце папулярнага брытанскага шоу "Strictly Come Dancing" (расійскі аналаг - "Танцы з зоркамі"). Прадстаўнікі Беларусі ў конкурсе сёлета не ўдзельнічаюць. Расійскія ўдзельнікі - пераможцы шоу "Танцы з зоркамі" тэлевядучая Марыя Сітэль і прафесійны танцор Уладзіслаў Барадзінаў.
Каментаваць прамую трансляцыю танцавальнага конкурсу "Еўрабачанне" на Першым канале будзе вядучы праграмы "Добрай раніцы, Беларусь", былы вядучы і аўтар праекта "Танцуюць усе" ("Лад") Дзмітрый Карась. У якасці эксперта запрошаны суддзя міжнароднай катэгорыі (IDSF) чэмпіянатаў свету і Еўропы, член прэзідыума Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту Уладзімір Парахневіч.
Анастасія ЯНУШЭЎСКАЯ, БелаПАН.
|