04/09/2007 15:47
13 верасня ў Віцебску адбудзецца фінал нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007"
Мінск, 4 верасня. 13 верасня ў Віцебску адбудзецца фінал нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2007". Як паведаміў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юрый Азаронак 4 верасня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай падзеі, фінальны канцэрт з віцебскага Летняга амфітэатра будзе транслявацца Першым тэлеканалам і міжнародным тэлеканалам "Беларусь-ТБ"; усе, хто пажадае, змогуць яго ўбачыць таксама на вялікім экране каля Палаца спорту ў Мінску.
Вядучымі фіналу нацыянальнага адборачнага конкурсу будуць Дзяніс Кур'ян і Вольга Сацюк.
Згодна з вынікам лёсавання, 10 канкурсантаў выступяць у наступным парадку: 1 - Дзіяна Громава (Гомель), 2 - Раман Валазнёў (Мінск), 3 - Кірыл Ермакоў (Мінск), 4 - Паліна Калафаці (Мінск), 5 - Серафіма Кузняцова (Віцебск), 6 - Аляксей Жыгалковіч (Мінск), 7 - Мікіта Журовіч (г.п. Лельчыцы, Гомельская вобласць), 8 - Паліна Верас (Мінск), 9 - Антон Зямлянік (Мазыр, Гомельская вобласць), 10 - Юлія Азаронак (Мінск). Кожны з канкурсантаў выканае кампазіцыю ўласнага сачынення. Серафіма Кузняцова і Юлія Азаронак будуць спяваць на беларускай мове.
Сёлета арганізацыя і форма правядзення гала-канцэрта максімальна набліжаны да фармату міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне". Упершыню будзе праводзіцца галасаванне па рэгіёнах, якое, паводле слоў Ю.Азаронка, надасць конкурсу асаблівую інтрыгу: чакаецца, што рэгіёны будуць падтрымліваць сваіх выканаўцаў. Тэлефанаванні будуць пераводзіцца ў балы, якія ў парадку ўбывання ад 12 да 1 налічваюцца канкурсантам, а потым сумуюцца па кожнай песні. Варта адзначыць, што тэлефанаванні для тэлегледачоў будуць бясплатныя.
Песня-пераможца вызначыцца па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў і галасавання прафесійнага журы, старшынёй якога з'яўляецца народы артыст Беларусі Васіль Раінчык.
Падчас галасавання ў віцебскім амфітэатры выступяць пераможцы дзіцячага конкурсу "Еўрабачання" мінулых гадоў: сёстры Талмачовы з Расіі, беларускія зоркі "Еўрабачання". Пасля аб'яўлення пераможцаў для гледачоў праспявае Верка Сярдзючка.
Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне" пройдзе 8 снежня ў Ратэрдаме (Галандыя). Чакаецца, што сёлета канкурсантаў прадставяць ад 16 да 18 краін. Упершыню ў конкурсе будзе ўдзельнічаць Грузія.
Анастасія ЯНУШЭЎСКАЯ, БелаПАН.
|